03 сентября 2019

Смак роднай мовы

36 times

У першыя выхадныя верасня традыцыйна ў Беларусі праходзяць Дні беларускага пісьменства. У гэтым годзе свята беларускага слова прайшло ў старажытным горадзе Слоніме, куды для ўдзелу ў святочных мерапрыемствах былі ўпершыню запрошаны ліцэі і каледжы сістэмы прафесійна- тэхнічнай адукацыі. 
Наша святочная пляцоўка была прысвечана гісторыі беларускага буквара, тым людзям, якія стваралі падмурак беларускай асветы, беларускага пісьменства. Лемантар – так называўся першы беларускі буквар, які быў выдадзены ў Пецярбургу ў 1906 годзе. Гэта старажытнае слова і паслужыла назвай для нашай святочнай пляцоўкі. 
Староначкі нашага ” Лемантара” былі прадстаўлены выставай разнастайных загалоўных літар з кніг Ф.Скарыны, якія нагадваюць нішто іншае, як праілюстраваны алфавіт. Адначасова выкладчык нашага каледжа Быль Таццяна Уладзіміраўна праводзіла майстар-клас па роспісу літар–ініцыялаў. Кожны меў магчымасць сам распісаць літару, як рабіў гэта калісьці вялікі Скарына.
Асаблівую зацікаўленасць сярод гасцей выклікаў распрацаваны турыстычны маршрут пад назвай “ Літаратурная Гродзеншчына”, які быў прадстаўлены ў фотаздымках. Ён прысвечаны нашым славутым землякам, якіх нарадзіла і ўзгадавала гродзенская зямля. А.Міцкевіч, Ф.Багушэвіч, Э.Ажэшка, К.Каліноўскі, Цётка, Я.Карскі, М.Багдановіч, Я.Брыль, В.Быкаў – іх імёны сталі класікай беларускай літаратуры. 
Тут жа праходзіла прэзентацыя святочнага альбома “ Ад маленькай літары да вялікай літаратуры”, які быў падрыхтаваны супрацоўнікамі і навучэнцамі нашага каледжа. 
Непадробную цікавасць выклікала інтэрактыўная гульня “ Азбука сантэхніка па - беларуску”, дзе неабходна было да рускіх прафесійна арыентаваных словаў падабраць беларускія адпаведнікі. Удзельнікі гульні атрымоўвалі розныя сімвалічныя падарункі і сувеніры, а пасля, задаволеныя, развітваліся з намі.
Мы спадзяёмся, што ўсім было цікава, а ўзнагародай для нас паслужылі цёплыя словы падзякі, святочны настрой і ўсмешкі нашых гасцей.